14 кастрычніка - Республіканскі Дзень Маці

"Я слаўлю мамы светлае імя"

Прафсаюзная арганізацыя райбальніцы сумесна з адміністрацыяй арганізавалі і правялі мерапрыемства "Я слаўлю мамы светлае імя", на якое запрасілі сваіх работнікаў - мнагадзетных маці. Такіх у медыцынскай установе налічваецца 12.

Перад пачаткам мерапрыемства перад мамамі-медыкамі выступіла галоўны ўрач бальніцы В.Я. Скарабагатая, якая павіншавала ўсіх са святам, пазнаёмілася з некаторымі медработнікамі, якія знаходзяцца ў дэкрэтным водпуску. Вольга Яўгеньеўна адзначыла, што медыкі падтрымліваюць дэмаграфічную сітуацыю: за студзень - верасень гэтага года работнікі ЦРБ нарадзілі дзесяць дзетак. А зараз у дэкрэтным водпуску знаходзяцца 26 матуль.

Усіх прысутных маці са святам павіншавала намеснік галоўнага ўрача на медыцынскай часці Святлана Лінкевіч (сама тройчы маці), пажадала жанчынам дабрабыту, сямейнага шчасця, усмешак і паболей радасці ў жыцці.

Увазе прысутных было прадастаўлена відэавіншаванне тых медыцынскіх работнікаў, чые матулі працуюць у ЦРБ.

14 кастрычніка не толькі Дзень Маці, але свята Пакрова Прасвятой Багародзіцы. У народзе кажуць: "Пытаюцца Пакровы, ці да зімы гатовы?" З гэтым павер'ем і звязалі падарункі, якія ўручалі ад адміністрацыі райбальніцы мнагадзетным маці. Дзіцячыя санкі спатрэбяцца ў кожнай сям'і, абы зіма была снежнай. Ну, а ад прафсаюзнай арганізацыі мнагадзетныя маці ў гонар свята атрымалі матэрыяльную падтрымку.